Водгукі і рыцэнзіі

Хто такі Паклонскі?

Юрась Бачышча, кандыдат гістарычных навук
Літаратура і мастацтва, 27 ліпеня 2018. С. 11.

Гістарычны жанр не назавеш новым і слаба распрацаваным у беларускай літаратуры. Уладзімір Караткевіч, Кастусь Тарасаў, Уладзімір Арлоў, Анатоль Бутэвіч, Вольга Іпатава, Леанід Дайнека, Людміла Рублеўская, Адам Мальдзіс, Кастусь Цвірка і многія іншыя зрабілі вельмі шмат для ўмацавання гістарычнай памяці беларусаў. Дзякуючы ім многія эпохі, постаці, падзеі перасталі быць абстракцыяй і “ажылі” на старонках гістарычных твораў. Таму з’яўленне новага беларускага гістарычнага рамана само па сабе не можа лічыцца выключнай падзеяй для нашай літаратуры. Разам з тым і ардынарнай, штодзённай з’явай новы гістарычны раман не назавеш.

Раман Яўгена Зубовіча “Беларускі палкоўнік. Кніга І”(Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2018), які сёлета пабачыў свет, прысвечаны найбольш складанаму часу ў гісторыі нашай краіны. Гэта сярэдзіна XVII ст., якое ўвайшло ў памяць нашых продкаў як “крывавае” з-за бясконцых войнаў. Акрамя таго, гэта час пашырэння расколу ў грамадстве Вялікага Княства Літоўскага. Грамадзянскі раскол і канфрантацыя ў нашай даўняй дзяржаве былі выкліканы Контррэфармацыяй і стратай “палітычным народам” (шляхтай) ранейшых арыентыраў “агульнага дабра”, верацярпімасці і вяршэнства закона, якія пашыраліся на хвалі Рэнесансу і Рэфармацыі стагоддзем раней. Заняпад хрысціянскай маралі праявіўся і ў тым, што многія землеўласнікі, страціўшы спагаду да сваіх падданых, узмацнілі прыгнёт. Частка прыгонных бегла на поўдзень і далучалася да казацкай вольніцы…

Магчыма, з прычыны складанасці гэтага перыяду, у нашай літаратуры існуе не так ужо і шмат мастацкіх твораў пра герояў XVII ст. Тым большую каштоўнасць мае “Беларускі палкоўнік”.

У цэнтры першай часткі рамана асоба магілёўскага шляхціца Канстанціна Паклонскага. Паклонскі – рэальная гістарычная постаць, які ў віхуры палітычных падзей 1654 г. атрымаў ад расійскага цара Аляксея Міхайлавіча званне “беларускага палкоўніка” і права набіраць войска на Магілёўшчыне. Асаблівую цікавасць раману надае якраз вастрыня і пераменлівасць тагачасных палітычных падзей, што дазволіла пісьменніку паказаць розныя бакі характару сваіх герояў.

Героі кнігі людзі разнастайныя, са сваім розумам, ахвярнасцю і амбіцыямі, грахамі і праведнасцю.

Галоўны герой рамана пазбаўлены кніжнай зададзенасці, якая часам сустракаецца ў беларускай гістарычнай прозе. Дзеянні Паклонскага прадбачыць цяжка. У адной сітуацыі, ён рызыкуе сваім жыццём і місіяй, каб абараніць гонар звычайнай магілёўскай гандляркі, а ў іншай – забівае бяззбройнага палоннага, які сказаў яму праўду. “Беларускі палкоўнік” можа доўга прадумваць план узяцця горада ці мястэчка, а можа, пад уплывам асабістых эмоцый, кінуцца з купкай адданых жаўнераў на бессэнсоўны штурм Магілёва.

Цікавы і даволі рэдкі для нашай літаратуры вобраз пратэстацкага пастара. Магілёўскага евангельскага святара мы бачым у адзін з самых драматычных момантаў, калі яго жыццю пагражае небяспека. Генеральна ва ўсіх бедах, якія абрынуліся на магілёўскіх пратэстантаў вінаваты Паклонскі, але, нягледзячы на гэта, пастар да яго ставіцца роўна і нават дорыць уласную Біблію, паказваючы такім чынам, што нельга ніколі ставіць крыж на чалавеку, нават калі ён памыляецца і робіць зло.

Вера пастара і вера Стасі Зяновіч, якую кахае Паклонскі, падобныя і розныя. Пастар першы раз бачачы Паклонскага дае яму шанец, нават калі той на кепскай дарозе. Стася ж кажа, што можа змяніць сваё стаўленне да “беларускага палкоўніка” толькі тады, калі ён пакаецца і пачне адкупляць свае грахі.

Вобраз маскоўскага ваяводы Міхайлы Ваейкава, прыстаўленага сачыць за Паклонскім, адразу не выклікае антыпатый ці сімпатый. Аўтар дае магчымасць чытачу самому разабрацца ў гэтым чалавеку, убачыць яго моцныя і слабыя бакі, ацаніць учынкі, і галоўнае – мэту яго з’яўлення ў жыцці Паклонскага.

Яўген Зубовіч падае вельмі канкрэтныя геаграфічныя і храналагічныя каардытаты падзей, тым самым падкрэсліваючы іх гістарычную праўдзівасць, гістарычнасць. Кніга, акрамя захапляльнага сюжэту, з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй таго часу і вельмі добра перадае штодзённае жыццё. Аўтар напоўніў твор апісаннямі вопраткі, страў, умацаванняў, зброі і вайсковага рыштунку, тагачасных промыслаў, тавараў і інш. Асаблівы моўны каларыт тэксту надае частае ўжыванне дзядзькам “беларускага палкоўніка” Міхалам Рудніцкім (тут назіраецца тыпалагічнае падабенства з Ануфрыем Заглобам з трылогіі Генрыка Сянкевіча) розных прымавак і жартаў. Аўтар пераносіць чытача то ў сталіцу Багдана Хмяльніцкага Чыгірын, то ў стан Аляксея Міхайлавіча пад Смаленскам, дзе адбываецца сустрэча Паклонскага з царом, то ў сядзібу магілёўскага дзяржаўцы Пятроўскага.

Кніга выйшла ў прыгожым цвёрдым пераплёце, з выявай на вокладцы сляпога ворана з герба Паклонскага, які “ляціць” на фоне старажытнага Магілёва. Кніга аздоблена шэрагам прыгожых малюнкаў мастака Віктара Козела.

image description
Яўген Зубовіч

Беларускі палкоўнік